Пераклад Дашы Бялькевіч
Усё маё жыццё складаецца з памылак: некаторыя з іх цудоўныя. Пасля трыдцацці знайсці кампанію на вечар пятніцы зусім няпроста. Большасць маіх старых сяброў і знаёмых жанатыя і завялі дзяцей. З імі дамаўляцца пра сустрэчу трэба загадзя, і ўсё адбываецца строга па рэгламенце: дома ім трэба быць а дванаццатай, бо зранку трэба весці дзіцёнка на гурткі, ехаць купляць дыван ці займацца нейкай іншай побытавай трасцай.
Знік рамантызм спантанных сустрэч. Не засталося людзей, з якімі можна стэлефанавацца ў пятніцу пасля працы, а праз гадзіну сядзець у пабе. Вось і сёння, ноч толькі пачынаецца, а я ўжо адзін. У спісе кантактаў толькі два чалавекі, каму я магу набраць.
Але Коля дзесьці за горадам, а Вася вырашыў сёння нікуды не ісці, ён, скаціна, ўчора моцна напрацаваўся, а цяпер ляжыць бервяном і п’е піва.
Не хочацца дамоў. Сядзець аднаму ў бары і змагацца з адзінотай – самае цяжкае пачуццё на свеце. Людзі вакол камунікуюць паміж сабой і прыемна праводзяць час, а я сяджу ў тэлефоне і гартаю сторыз у інстаграме. Нават спантанныя перапіскі заўжды сканчваюцца да дванаццаці. Апоўначы і пазней на ўсіх частотах – цішыня.
Тыя, хто п’юць, працягваюць піць, тыя, хто спяць, – працягваюць бачыць сны. Але ж ісці дадому яшчэ занадта рана. Яшчэ адно піва дакладна не перашкодзіць. Аліна ў сетцы. Даўно ёй не званіў. З апошняй нашай сустрэчы прайшло… А сапраўды, колькі прайшло? У апошні раз, з’язджаючы ад яе на таксі, калі яна не дазволіла мне заставацца і адправіла дадому, спасылаючыся на нейкія справы, я вырашыў скончыць гэтыя сустрэчы. Але як жа зараз самотна і як жа хочацца сэкса… Пазваню. Калі ўжо знеслаўляцца, то рабіць гэта напоўніцу, аддаючы працэсу ўсяго сябе. Якія ж доўгія гэтыя праклятыя гудкі…
– Ало.
– Аліна, прывітанне. Як справы?
– Нармальна, а як твае?
– Таксама добра.
Заўжды пакутліва пачынаць такую размову, мы ўдваіх ведаем, чаму я званю, таксама, як і ведаем, чаму яна падняла трубку. У той жа час, так складана перайсці ад фармальнай гутаркі да канкрэтных прапаноў.
– Табе падліць? – чую мужчынскі голас.
– Ой, ты занятая, я не адцягваю тваю ўвагу? – кажу і разумею, што сёння паеду дадому. Крыўдна.
– Так, крыху, штосьці тэрміновае ў цябе?
– Не, проста сумна стала, хацеў пагутарыць. Добра, прыемнага вечара табе, дакладней, ужо ночы. Да пабачэння.
– Дзякуй, і табе.
Пайшлі гудкі. Навошта яна ўвогуле падняла трубку? Дапіваю піво і выклікаю таксі. Калі сёння не напіцца як мае быць, то я так і буду гартаць стужку ў тэлефоне. Агідна ад сябе такога. Ужо хочацца пабыць падалей ад людзей, схавацца ў сваёй нары, уключыць музыку і дайсці да забыцця. Спадзяюся, у гэты раз я абыдуся без тупых агеньчыкаў у сторыз і бессэнсоўных кампліментаў.
Вось ужо які год я марна спрабую завесці стасункі, кожны раз хістаючыся ад сумнеўнасці гэтай ідэі – ці трэба мне яно ўвогуле – да цвёрдай упэўненасці завесці сям’ю і дзяцей, упісаўшыся ў соцыум, як паўнавартасны грамадзянін, які стварыў “ячейку общества”. Не ведаю, а можа, мне проста хочацца сэксу. Толькі вось дзе знаёміцца? У барах я бываю вельмі рэдка, учора, хутчэй, выключэнне, на працы я прынцыпова пазбягаю нейкай блізкасці з людзьмі. Не люблю, калі асабістае і працоўнае знаходзяцца ў адным месцы. Менавіта так я прыйшоў да ідэі ўсталяваць Tinder. Хоць гэта і не мая тэма, але чым чорт не жартуе. Не буду ж я ўсё жыццё тэлефанаваць Аліне. Такім чынам – Apple Store, пошук, спампаваць. Увогуле, ідэя крутая – свайпаць то ўлева, то ўправа. Справа няпыльная. У Tik-Tok нейкая кабетка казала, што з «Прывітанне, як справы?» пачынаць перапіску не варта, маўляў, вы хоць разумееце, колькі дзяўчатам такіх паведамленняў пішуць. Прыдумайце, кажа, што-небудзь арыгінальнае. Пайшла нахуй! Я замучаюся кожны раз прыдумляць нешта арыгінальнае, тым больш зусім незразумела, на што менавіта я буду марнаваць свой крэатыў. Па сутнасці, я і яна ў гэтым дадатку з адной мэтай – пазнаёміцца, і давайце будзем сумленнымі, калі яна ўжо прайшла рэгістрацыю, то відавочна таксама зацікаўлена ў камунікацыі. Ва ўсякім выпадку, павінна быць. Так што для мяне заўсёды ўсё максімальна проста – ляплю «Прывітанне”, дакідваю «Як у цябе твае справы?» і забываю.
Калі “так”, то так, калі “не ў гэты раз” – підара адказ. Не ў першы раз я тут рэгіструюся. Папярэднія спробы былі сумныя. Якая ж гэта нуда перапісвацца ні пра што, калі тры чата і ў кожным пытацца пра працу, справы, кіно ці музыку. Якую музыку ты любіш? Дурацкае пытанне. Ды розную яна любіць! А раптам яна скажа Jimi Hendrix, і ў нас адразу – каханне. З маёй любоўю да аўтарскага кіно пра фільмы пагаварыць таксама няпроста. Зноў жа, калі я ў такім стане і з такімі жаданнямі ўсталяваў Tinder, то будзе справядліва дапускаць, што і дзяўчына (у падобнай на маю роспачы) таксама ўсталюе яго. Ці ў яе таксама даўно не было сэксу, што таксама не дрэнна.
Спампавалася. Як там пажывае мой папярэдні ўліковы запіс? Ого, нават ёсць непрачытаныя. Ці дарэчна адказваць? Вядома ж, не, таму я адкажу. Дзяўчына піша, што сёння ўвечары, а гэта значыць, тады два гады таму, увечары ідзе з сяброўкамі ў бар на дзень нараджэння. Пішу: як схадзілі? Пара б зайсці ў свой профіль, я тут не быў ужо два гады, а гэта, на хвілінку, дзесяць кілаграм таму. Некаторым фоткам ужо амаль чатыры гады. Так, выдаляем старыя, але што дадаць з актуальных? З фатаграфій у галерэі ў мяне кот, піўныя банкі розных гатункаў ў мяне ў руцэ на фоне тэлевізара, яшчэ кот, і потым куча фатаграфій, дзе я альбо пачвара, альбо занадта тоўсты, альбо пачвара. Фатаграфавацца я не люблю, сябе фатаграфую рэдка, што ж, паскрабу па засеках, можа, нешта ды знайду. Вось гэтая з віном добрая, а тут я на касцюміраванай вечарыне. Дадам іх. На абедзвюх фота з бухлом. Так можа скласціся адчуванне, што я толькі і раблю, што бухаю. Так, яно так і ёсць, але вось адразу са старту ведаць гэта нікому не варта. О, вось фотка, дзе я – як у звычайным жыцці, і нават пасміхаюся. Дадаць і гэтую. Добра, што ў мяне ёсць сяброўка-фатограф. Мне ўжо надакучыла, а я дадаў толькі тры фатаграфіі. Пайду перабіраць старыя архівы, кажуць, што я не моцна змяніўся. Вось гэтая, дзе я задуменны, тыпу я разумны, і вось гэтая, дзе я проста стаю ў акулярах. Падыдзе. Раздзел “Пра сябе». Вось што мне напісаць у гэтым раздзеле, калі я не вельмі разумею, хто я сам па сабе, і хто наогул усе мы ў цэлым. Ябу я, што сюды напісаць. Рост, вага, памер чэлеса? Закінем стандартную пасхалку: Just another brick in the wall. Працягваем рэгістрацыю. Файна, цяпер з’явілася сінхранізацыя са Spotify, можна дадаць сваю песню, дадам “You can’t always get what you want” The Rolling Stones. Што можа быць круцей?! А яшчэ так пачынаўся “Californication”, серыял, які калісьці здаваўся мне класным. А цяпер я разумею, што яго сюжэт круціцца вакол інфантыльнага мужчыны, няздольнага ўзяць жыццё ў свае рукі, які атручвае ўсё вакол і псуе будучыню сваёй дачкі. Але што тут зробіш, мужчынам ўласціва захапляцца героямі, ад якіх жанчыны сходзяць з розуму. Але першая серыя цудоўная, часам яе пераглядаю. Мой любімы момант, калі персанаж David Duchovny прыходзіць дадому, садзіцца за стол, сядзіць нейкі час перад пустым аркушам і піша “fuck”, таму што няма ніводнай добрай думкі, каб іх запісаць, усё не тое. Як жа гэта знаёма. І тытры. Проста раз’ёб!
Неяк я зусім мала даў пра сябе інфармацыі для профілю, што ж, тут на дапамогу прыходзяць стандартныя пытанні: знак задыяку – скарпіён; што я шукаю тут – *я б патрахаўся*, так і напішу: каротка- і доўгатэрміновыя стасункі; мае інтарэсы: музыка, футбол, мастацтва, кнігі, кіно.
Каб было максімальна, як ва ўсіх. Яшчэ нешта натыкаў, я нават не ўсе пытанні разумею. Каго я шукаю – натуральна, дзяўчат, які ўзрост – хай 25-35, маладзей неяк стрэмна, папахвае педафіліяй ўжо. Заканадаўча ўсё правільна, але ў галаве не ўкладваецца, што ў нас можа быць агульнага, каб разам праводзіць час, з дзяўчынай, якая маладзейшая за яне на 15 гадоў. Не, я разумею, узрост усяго толькі лічбы і ёсць шмат прыкладаў выдатных пар з яшчэ большай розніцай ва ўзросце, але гэта ж Tinder. Ды і наогул, яна толькі нарадзілася, а я ўжо паліў, яна толькі спіну трымаць навучылася, а я ўжо паступіў у каледж. Ну карацей, ад гэтага я адчуваю сябе дзіўна і няёмка. У жыцці я не бачу прычын для падобных абмежаванняў, у Tinder усё ж некалькі іншыя правілы.
За некалькі тыдняў, якія я час ад часу залазіў сюды, я зразумеў некалькі рэчаў: нехуй нават спрабаваць разбірацца і ўдумліва ўхваляць дзяўчат, проста садзішся і за пяць хвілін улева-управа, і калі ўжо мэтч, то можна паглядзець профіль. Па схеме я раблю так: гартаю, гартаю, гартаю, хоба! – мэтч, фоткі – тык-тык-тык, калі норм, то пішу “прывітанне” і забываю. Калі ў дзяўчыны доўгія валасы, высокія абцасы, фота з куфлем віна ў рэстаране на гэтых самых абцасах і ў сукенцы – гэта не маё – да эскортніц я яшчэ не гатовы ні маральна, ні тым больш фінансава. Як бы гэта не было сумна, але больш актыўна перапісваюцца жанчыны з дзецьмі. У жыцці упэўненасць і харызма каштоўней за прыгожы тварык. І да булавы трэба галавы. У Tinder твар і фігура – адзіны прадмет гандлю. Абсалютная большасць маіх пошукаў сканчаецца нічым. Тыя рэдкія выпадкі, калі з кімсьці пачынаецца перапіска, яна заканчваецца на тым, што мы абмеркавалі месца працы і ўсё. У мяне няма ідэй, пра што пісаць далей.
Дзіўна, як велізарны паток інфармацыі, дзе мы жывем, сцірае асобу кожнай дзяўчыны, якую я бачу ў дадатку на фота. Вельмі просты прынцып: альбо падабаецца, альбо не. Падчас гэтага бессэнсоўнага адбору я наогул не задумваюся, што ж стаіць за гэтымі фатаграфіямі, бо там, у гаспадыні гэтага акаўнта праходзіць цэлае жыццё і цалкам можа быць, што яно яркае і цікавае. З назіранняў: калі дзяўчына старэйшая, то і фота цікавей: нейкія хобі, падарожжы, праца. Якія ж яны малайчынкі, нават не разумею, што яны робяць у Tinder.
Такім чынам, прыступім да выбару: ой, гэтая не, гэтая не, і гэтая не, гэтая – ну хай будзе так, яшчэ так, гэта, напэўна, так. Не, я не хачу купляць падпіску. Стаміўся. Выпадкова лайкнуў рэкламу, надакучыла, націсну ўсім “так”. А калі наогул я быў на апошнім спатканні? Ужо нават і не памятаю. І куды зніклі хлопцы, якія сціпла стаяць ля метро з адной велізарнай ружай? З’явілася новая каштоўнасць – час. Ніхто з тых, хто заняты кар’ерай і фізічнай формай, маючы бясконцы выбары задавальненняў, не хоча марна праводзіць некалькі гадзін.
Ад таго і фармат першай сустрэчы скараціўся да паўтары гадзіны – гэтага цалкам дастаткова, каб зразумець, ці хочацца ісці на другую сустрэчу. Вялікая колькасць людзей выглядае зусім не такімі, якімі малююць сябе ў сацыяльных сетках. Бывае, фота ў Instagram – прыгожая карцінка яркай асабістасці, і ў перапісцы дзяўчына актыўная і вельмі камунікабельная, а ў жыцці нічым не прыкметная мыш, няздольная падтрымаць нават самую простую размову. Але мне падабаюцца сацсеткі, дзякуючы ім я хоць аддалена ведаю, як справы ў цікавых мне людзей, з якімі перасякаўся мой шлях. Прыкольна паглядзець, як і чым цяпер жыве твой выкладчык па беларускай мове, што твае аднакласнікі жывуць разам і ў іх ёсць дачка, і што гэты піздабол – па-ранейшаму піздабол, люблю яго. Як ні круці, нашы сацсеткі – вітрына таго, якімі мы б хацелі, каб нас бачылі, нават дэпрэсія ў інтэрнэце нейкая несапраўдная, як быццам з чалавекам адбываецца незвычайнае прыгода. У інтэрнэце няма сапраўднага жыцця, сем’і ў аднолькавай вопратцы на фоне дэкарацый усміхаюцца, будучы ўжо на мяжы разводу, а паспяховы бізнэс вядуць са здымнай кватэры на ўскраіне горада.
Было ў мяне пару месяцаў таму спатканне. Усё пачалося з таго, што ў апісанні ў дзяўчыны была фраза “мне этот мир абсолютно понятен”, што добра. Я запытаўся, ці “преисполнилась” яна, і вельмі хутка наша перапіска перацякла ў тэлеграм. У яе ёсць сабака – французскі бульдог, люблю іх, але яна ўвесь час называе сябе яго “мамачкай”. Бляць, ну якая мамачка! Я не адзін раз бачыў шчанюкоў і дзяцей, яны непадобныя, ні знешне, ні паводзінамі. Я таксама люблю свайго ката, але ён кот, а я чалавек. Колькі б разоў і ў якіх бы позах я не займаўся сэксам з дзяўчынай, па выніку нашага савакуплення заўсёды і пакуль без выключэнняў народзіцца чалавек. Добра, гэта не так і важна, ва ўсіх ёсць свае недахопы, у мяне сваіх прусакоў да халеры.
Адна з самых складаных задач пры такіх знаёмствах – з аднаго боку, расказаць пра сябе як мага больш праўды, каб дзяўчына разумела, на што ідзе, а з іншага – не напужаць бедную, каб яна, перажагнаўшыся, не націснула “заблакаваць”. Увогуле, перапіска ішла выдатна і жыва, што рэдкасць. Праз два тыдні, заплюшчваючы вочы на гісторыю “маці французскага бульдога”, я прапанаваў схадзіць на каву. Прыемна, што яна сама прызначыла час, без катання ваты распавяла пра планы на выходныя і прапанавала вечар нядзелі – такі падыход мне па душы. Мы сустрэліся – натуральна, яна спазнілася.
Быў час, калі я на кожнае спатканне прыходзіў з, як мінімум, пятнаццаціхвілінным спазненнем, чакаў хвілін пяць, а дзяўчына, думаючы, што я ўвесь гэты час чакаў, моцна выбачалася, а я маўчаў – хай ёй будзе сорамна. А калі не было тэлефонаў, ніхто не папярэджваў па шляху, што спазняецца, заставалася чакаць і спадзявацца, што цябе не кінулі. Я добра выбіраю месцы для сустрэч, раблю гэта з лёгкасцю, таму што сам люблю ціхія і стылёвыя кафэ. У адно з такіх я і вырашыў схадзіць. Мы зайшлі, грала лёгкая музыка, было прыглушанае святло, у зале нікога не было. Калі цябе ўсё жыццё прывучалі здымаць і апранаць дзяўчыне паліто, на спатканнях ты заўсёды выглядаеш джэнтэльменам і рыцарам адначасова.
Мы селі, яна агледзелася, сказала, што тут утульна. Ну канешне! Яна замовіла каву, я ўзяў сабе глінтвейн, хоць і марыў пра піва, і мы пачалі абмяркоўваць, хто ў якіх краінах адпачываў, нейкія агульныя рэчы, крыху пра працу, прыемная мілая балбатня, камфортная для першай сустрэчы.
Як раптам, яна такая кажа: …крайні раз. – Так, стоп! Які-які раз? Яна паўтарыла: крайні. – Ясна-зразумела, а чаму не апошні?
Шчыра кажучы, я нават не слухаў далей. Сабаку-дзіцяці я гатовы пераварыць, слова “крайні” я гатовы пераварыць, але кактэйль з двух гэтых складнікаў вышэй за мае сілы.
Але я, вядома ж, прамаўчаў. Валера, ты проста дакопваешся да зусім нязначных рэчаў, пераконваў я сябе. У цябе ж таксама шмат глупстваў, якія для іншых выглядаюць суцэльным трызненнем. Гэта так, але “крайні”! Паўз станавілася ўсё больш. Рысы яе твару станавіліся агідней, але яе агульны шарм браў верх, я трымаўся. Ключавым жа момантам, думаю, быў вось гэты: мы загаварылі пра здрады – з чаго б, але вось туды павярнула крывая сцежка размовы. Мы пачалі абмяркоўваць перапіскі, здрады і тут яна кажа:
– У тэлефоне ў хлопца павінны быць фота “ню” толькі адной дзяўчыны. – Ага, яго мамы – выпаліў я. Яна мне больш не пісала. Гэта было нашае крайняе спатканне.
Мне тэрмінова трэба нешта мяняць у падыходзе. Не магу ж я вечна тэлефанаваць Аліне і лавіць яе настрой, гэта заўсёды, як латарэя: занятая яна ці не, будзе сэкс ці не, застануся я начаваць ці не. Што адбываецца з маім гонарам? У мінулы раз у яе наогул быў нейкі мужык. Чаму я гэта трываю?! Пасля таго, як высветлілася, што яна мне здраджвае, не варта было вяртацца да яе. Трэба было сысці раз і назаўсёды!
Цвярозым я крэмень – ні пішу, ні тэлефаную, а вось п’яным… Шкада, што за п’яныя ўчынкі потым заўсёды даводзіцца адказваць цвярозаму, яшчэ і з абвостраным пачуццём віны. Як жа балюча было тады ўбачыць апавяшчэнне ад нейкага Сарыка! Ён чакаў яе ля пад’езда на дарагім BMW сёмай серыі. У мяне праязны. Што, калі ўчора, калі я тэлефанаваў, гэта быў ён? Колькі разоў я хацеў, каб яна мяне паслала раз і назаўсёды, але гэтага не адбываецца. Яна заўсёды падымае трубку. Заўсёды! Брыдка ад сябе такога, і што больш за ўсё бесіць, я не бачу выхаду з гэтага заганнага кола. Я не кантралюю сітуацыю, мне брыдка, мне балюча, я больш так не магу. А што там у Tinder? Глядзі, тры непрачытаных! Ніколі не запамінаю, каму я і што пішу. Проста засунуў базавыя фразы, часцей за ўсё нават без “Як справы?», ды і ўсё. Адказала нейкая Даша – ну што ж, паглядзім. Стоп! Так, стоп! Яна што, пазнала Pink Floyd? Вось яно!
Ну што ж, мне ўжо даўно не было так цікава перапісвацца з дзяўчынай. Ці нават ніколі. Мы некалькі дзён абсмоктвалі тэму, што Эмі Уайнхаўс нехуй рабіць у клубе 27. Я злавіў сябе на думцы, што зранку першае, што я раблю, – думаю пра тое, каб ёй напісаць. У стасунках з ёй пастаянна прысутнічае адчуванне, што ўсё правільна. Вельмі хутка мы пачалі абмяркоўваць асабістыя гісторыі, пра Аліну я не распавядаў, натуральна, але ўсё роўна я пісаў шчыра і нічога не выдумляў. З такой дзяўчынай адной кавай не абыйдзешся. Люблю гэты жаночы флірт ў перапісках, калі яна зусім ненавязліва, быццам проста так дзеліцца тым, чым цяпер занятая, – адпраўляе свае фота з залы. Прывітанне, я на трэніроўцы, а ты што робіш?
Мяне такое захоплівае. Тык-токі, мемы, карацей, усё смешна. Усё ідэальна. Відавочна, мужчыны абдзелены інструментамі для спакушэння праз фота ў перапісках. У самай гарачай перапісцы ў жанчын ёсць фота ў прыгожай сукенцы, фота без сукенкі ў ніжняй бялізне, фота без станіка, дзе ўсё закрыта, фота без бялізны, дзе ўсё адкрыта, скінула фота з адкрытымі грудзьмі – фурор. Я ж магу адзін раз скінуць свой чэлес і на гэтым усё, больш паказаць мне няма чаго. Больш ён не стане, менш, дзякуй Богу, таксама. Фурор будзе толькі ў тым выпадку, калі ён пазелянее. Падчас камунікацыі з Дашай пра Аліну я ўжо і не ўзгадваў. І, як гэта заўсёды бывае, толькі я знікаю, яна аб’яўляецца сама. Я ў таксі. Еду і думаю пра Дашу, фармальна, мы з ёй адзін для аднаго ніхто, але я ўсё роўна адчуваю віну, што не дагаворваю. Вось што ў нашых адносінах з Алінай нязменна – гэта выдатны (з яе боку) сэкс. Яна неверагодная. Яе быццам нарадзілі для сэксу. Яна настолькі натуральная ў гэтым працэсе, разняволеная і заўсёды адкрытая да эксперыментаў. Не так шмат існуе дзяўчат, якія так моцна любяць анальны сэкс.
Часам я думаю, што ў мяне асабіста няма да яе ніякай прыхільнасці і што наогул адзіная прычына маіх прыніжэнняў і пастаянных прыездаў – мой чэлес. Дакладней тое, што яна з ім робіць. Гэта той выпадак, калі трахаюць мяне і я абсалютна не супраць. Але як жа мне потым агідна ад самога сябе. Зноў яна адправіла мяне дадому. І вось як пасля такога не піць?!
Жудасная раніца, галава баліць ад выпітага, сэрца ад таго, што мяне зноў выкарысталі. І што мне напісаць Дашы? Яна нават не спытае мяне, што я рабіў ноччу, бо мы развіталіся і нібыта пайшлі спаць. Кожная мая фраза ў вітанні – хлусня. Раніца ніхуя не добрая, ноч не прайшла нармальна, не, я не выспаўся, і, хаця яна не спытае, ноччу я вельмі нават нядрэнна сябе адчуваў, папіваючы піва падчас вогненнага мінету. У такой сітуацыі вельмі складана прыкінуцца ахвярай. Дула пісталета каля патыліцы не было.
Але ўсё ж любое мінулае ўжо ў мінулым. Ці не прапанаваць Дашы павячэраць разам? Сёння тая самая кропка, калі трэба ўсё мяняць. Тым больш, я знайшоў шыкоўны рэстаран і нядаўна купіў крутую кашулю. Самы час яе выгуляць. Толькі вось рожа апухлая. Пагадзілася! Гэта знак. І вось менавіта цяпер у мяне пачынаецца мандраж. Калі ў мяне вялікі стрэс, мяне заўсёды цягне прыбухнуць.
Дакладна не сёння, я лепш схаджу пастрыгуся і прывяду сябе ў парадак, адчуваю, што сённяшняя сустрэча можа перарасці ў нешта большае. Сустрэчу я прызначыў на шэсць вечара, мне падабаецца гэты час: калі ўсё пойдзе дрэнна, будзе яшчэ час вечарам, калі ўсё пойдзе добра – будзе час на працяг. Як жа я хвалююся, аж жывот скруціла. Усё, што толькі можна было зрабіць, я зрабіў: пагаліўся, схадзіў у душ, праверыў, што пагаліўся гладка, дагаліў участкі, якія прапусціў у першы раз, пагладзіў усе рэчы і нават шкарпэткі. Да выхаду засталося паўгадзіны, бясконцыя паўгадзіны.
Толькі б не было гэтай тупой збянтэжанасці і доўгіх паўзаў. Божа, ды што я сябе так накручваю. Ой-ёй, спазняюся, блядскі Тык-Ток. Выклікаю таксі. Імчуся. Спазніўся на тры хвіліны, але ўжо ў таксі Даша напісала, што таксама спазняецца. Напэўна, як і я, цэлы дзень збіралася. Я заўсёды выбіраю столік каля акна. Якое ж пакутлівае чаканне! Чым жа заняць час, не хочацца, каб, калі яна прыйшла, я тупіў у тэлефон. Буду разглядаць людзей у акне.
Замовіў сабе ваду і гляджу меню. А колькі ў мяне грошай, спадзяюся, хопіць. Якая ж яна прыгожая стаіць ля ўваходу: на ёй чорная вузкая сукенка, красоўкі, як я люблю, і афігенныя вялікія завушніцы. Белыя валасы да плячэй ідэальныя. Як яна так зрабіла, што нічога не вытыркаецца? Час праляцеў незаўважна, усе мае перасцярогі не спраўдзіліся, гутарка цякла лёгка і нязмушана, адна тэма змянялася на іншую, як раптам мы ўжо дапілі каву і даелі дэсерт. Разыходзіцца не хацелася.
– Ведаеш, мне зусім не хочацца расставацца, можа, зойдзем яшчэ ў бар, тут недалёка ёсць вельмі добры, – кажу і асабліва не спадзяюся, што яна пагодзіцца.
– А давай лепш возьмем віна і да мяне.
Што? Яна запрасіла мяне да сябе, а так можна было? А прэзерватываў ў мяне няма! Я не мог і падумаць, што спатканне так хутка набярэ абароты. Калі я куплю іх пры ёй на касе, будзе непрыстойна, а раптам, яна і праўда проста прапанавала завітаць у госці і ўсё. Ды трызненне! Ну хто будзе запрашаць да сябе мужчыну проста папіць віна?
Аліна тэлефануе. Як?! Як яна так адчувае і чаму менавіта цяпер? Добра, што Даша пайшла ў прыбіральню. Скідаю і пішу, што заняты. А раптам нешта здарылася? Ладна, калі не сёння, то, калі наогул я разарву сваё заганнае кола? Маё паведамленне не прачытана, адказу таксама няма. Хер з ім. Зараз я еду ў госці да чароўнай дзяўчыны. У маёй галаве яна ўжо без сукенкі. Мы заехалі ў вінны, я ўзяў дзве бутэлькі, дакладней, спачатку я ўзяў адну, каб не выглядаць алкашом, але Даша вярнула мяне назад яшчэ за адной. Здаецца, яна сапраўды ідэальная. Я і не заўважыў, як у таксі яе рука апынулася ў маёй. У ліфце мы ўжо цалаваліся. Ледзь зачыніліся дзверы яе кватэры, усё тая ж рука ўжо была ў мяне ў штанах. Імгненне – і мы без адзення ў спальні. Так, а гэта што – кайданкі?
– Ты не супраць?
Даражэнькая, якое супраць – думаю я і кажу: – Я толькі за!
Ды і як я магу быць супраць, калі мой чэлэс у яе руках. Яна прышпільвае мяне наручнікамі, здымае з мяне майткі і без сумневаў, гэта лепшы мінет у маім жыцці. Мурашы па скуры.
– Ты не супраць, калі хлопцы паглядзяць?
Паварочваю галаву, а ў праходзе стаяць чатыры мужыка. Піздзец!..
Добавить комментарий